КРЫВЯНА́Я ТЛЯ (Eriosoma lanigerum),

насякомае падатр. (сям.) тлей. Пашырана ў Амерыцы, Паўд. Афрыцы, на а-вах Н. Зеландыя і Тасманія. Завезена ў Еўропу. Трапляецца ў Закаўказзі, Крыме, Малдавіі. Шкоднік яблыні.

Даўж. да 3 мм. Цела бурае, укрыта белым пушком з васковых нітак. Лапкі двухчленістыя, з кіпцюркамі. Калі тлю расціснуць, застаецца чырв. пляма (адсюль назва). Корміцца сокамі дрэва, у месцах смактання на ствалах і каранях утвараюцца жаўлакі, нарасты, шчыліны. Калоніі К.т. (накшталт снежных камякоў ці камякоў ваты) на парастках, ствалах і каранях дрэва; небяспечная для сеянцаў. Размнажаецца ў Еўропе без апладнення (партэнагенез), за лета дае да 19 пакаленняў. Зімуе на ствалах і каранях яблыні.

Крывяная тля: 1 — крылатая самка; 2 — бяскрылая самка.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)